Шкирманков Феликс
 
 
Летнія канікулы, што меліся пачацца праз два дні, не абяцалі мне бесклапотнага адпачынку. Я атрымаў заданне на восень па трыганаметрыі. Гэта значыць, бывай, рыбалка!
 У школу на сход ішоў у дрэнным настроі. Прозвішча маё было перадапошнім у класным спісе, і чым бліжэй да канца называліся прозвішчы, тым болып няўтульна я сябе адчуваў.
 — Шкірманкоў Фелікс! — Класны кіраўнік моўчкі пазіраў на мяне, чакаючы, пакуль я ўстану, і толькі тады сказаў: — Геаметрыя — «добра» з нацяжкай, алгебра — «пасрэдна», трыганаметрыя — «нездавальняюча» і іспыты на восень...
 Я стаяў, панурыўшы галаву, адчуваючы, як ад сораму гараць вушы, і нічога не бачыў перад сабой. Схамянуўся, калі класны кіраўнік паклаў мне на плячо руку:
 — Што ж, галубок, давядзецца табе скараціць летнія канікулы, калі хочаш вучыцца ў дзевятым класе са сваімі сябрамі. Каму-каму, а табе павінна быць сорамна! У студзені ў камсамол цябе прынялі, а ты... 3 дваццаці сямі вучняў у класе толькі ў аднаго цябе двойка па трыганаметрыі. Не чакаў я ад цябе такога...
Я добра памятаў той дзень, калі расчыніліся дзверы кабінета першага сакратара Глускага райкома ЛКСМБ Фані Марозавай і мяне запрасілі зайсці.
 Чужымі ад хвалявання нагамі — ішло пасяджэнне бюро райкома — зрабіў некалькі крокаў і спыніўся перад доўгім сталом, за якім сядзелі члены бюро. Я амаль нічога не бачыў перад сабой.
 Напярэдадні, на вялікім перапынку, як заўсёды, пачалі «дурэць» у класе. Мы дужаліся з Барысам Ліхадзіеўскім, і нехта з нас незнарок разбіў шыбіну ў акне. Разам пабылі мы ў настаўніцкай, пасля чаго ў нашых дзённіках у графе «паводзіны за тыдзень» з'явілася па тлустай двойцы. Я быў упэўнены, што пра ўсё гэта вядома ўжо членам бюро і вось зараз у мяне спытаюць і... адмовяць у прыёме. Але спыталі ў мяне зусім пра іншае, і я без запінкі, бадзёрым голасам адказаў, калі нарадзіўся камсамол і дзе пачынаў сваю рэвалюцыйную дзейнасць правадыр і настаўнік сусветнага пралетарыяту таварыш Сталін.
 Вось чаму словы класнага кіраўніка зараз падалі на мяне, як гарачае вуголле. Не пазбегнуць камсамольскага сходу і, што нашмат горай, размовы з бацькам. Так што ўсё самае страшнае было яшчэ наперадзе.
 Не памятаю, як скончыўся сход, як выйшаў з класа. На двары да мяне падышоў мой аднакласнік і сябра Сяргей Трыбуш.
—  Не вешай нос! Хочаш — дапамагу табе?
Я безнадзейна махнуў рукой:
 — Ніхто мне не дапаможа, усё роўна «Косінус» зрэжа...
 — Не зрэжа! Вось пабачыш — не зрэжа! — упэўнена і весела заявіў Сяргей.— Вось скончыцца сенакос, я буду вольны. Тады прыходзь да мяне ў вёску. Пажывеш у мяне, і мы за месяц усю праграму па трыганаметрыі назубок вывучым! А на камсамольскім сходзе я скажу, што бяруся падрыхтаваць цябе да экзамена. Ты, вядома, павінен сказаць, што згодны, а галоўнае — захацець добра здаць. Зразумела?
 Ад Сяргеевых слоў, ад яго спачування і ўпэўненасці ў маёй, як мне здавалася, беспрасветнай будучыні ў мяне перахапіла ў горле, зарадзілася кволая надзея, што не ўсё страчана, што ёсць магчымасць нешта паправіць і застацца разам з сябрамі, і я цвёрда адказаў:
—  Абяцаю, чэснае камсамольскаеі
Тады, у даваенныя гады, нават у хлапечых спрэчках найвышэйшай клятвай было «чэснае слова пад салютам усіх правадыроў». Ну, а ў камсамольцаў было «чэснае камсамольскае».
 Сёння можна як хочаш адносіцца да таго нашага рытуалу, але што было, тое было — стараліся марна не даваць гэтыя клятвы, таму што падман хутка станавіўся ўсім вядомы і да парушальніка клятвы яго ж таварышы адносіліся зняважліва.
 Мы развіталіся. Настрой у мяне палепшыўся, і нават будучая гаворка з бацькам здавалася ўжо не такой цяжкай, як паўгадзіны назад. Тым болей што ён у ка-мандзіроўцы і вернецца толькі праз тыдзень. А за тыдзень можна добра прадумаць, што сказаць бацьку. Ды і запасны варыянт я падрыхтаваў, але трымаў яго ў сакрэце. А варыянт гэты быў такі. Прачытаўшы ў газеце пра Алапаеўскі геолагаразведачны тэхнікум, я паслаў туды заяву разам з пасведчаннем аб заканчэнні сямігодкі.
 Вядома, я не мог ведаць, што камсамольскага сходу не будзе і што мне не давядзецца выкарыстаць свой запасны варыянт. Цікава тое, што роўна праз дзесяць гадоў я ўсё ж паступіў вучыцца ў геолагаразведачны тэхнікум, толькі не ў Алапаеўскі, а ў Магаданскі. Але гэта будзе праз дзесяць гадоў, а ў той дзень пасля размовы з Сяргеем я падыходзіў да ганка бацькоўскай хаты з выглядам пераможцы, як быццам мяне чакалі не экзамены восенню, а паездка ў сталіыу за поспехі ў вучобе.
 У суботу, 21 чэрвеня, у добрым настроі пайшоў да сябра Валодзі Майсеева. Бацькі яго працавалі ў калгасе, і кожнае лета пасля заканчэння заняткаў у школе Валодзя дапамагаў бацьку — ганяў на начлег калгасных коней. Бацькі мае не пярэчылі, каб я разам з Валодзем начаваў часам з калгасным табуном на беразе Пцічы.
 Той апошні перадваенны суботні вечар назаўсёды застаўся ў памяці, і я часта бачу сябе конна на рахманым старым кані, які, уздымаючы клубы пылу, трухаў далёка ззаду за табуном.
 ...Спутаўшы коней, мы паставілі донкі і ўзяліся за перамёт. Рэчка, такая ціхая і знаёмая ўдзень, ноччу здавалася таямнічай і чужой. Я стаяў па калені ў вадзе, трымаючы шнур перамёта. Срабрыстая сцяжынка месячнага святла ўпіралася проста ў ногі і наўскось ішла да процілеглага берага, туды, дзе з сіняй тлустай гліны тырчаў чорны, быццам абвуглены, ствол вялізнага дуба. Іх шмат ляжала на дне некалі паўнаводнай Пцічы.
Я ведаў, што такія дрэвы называюцца «мораны дуб» і з іх робяць дарагую мэблю, але, шчыра кажучы, скеп-тычна адносіўся да гэтага, таму што выглядалі «тапельцы» вельмі нецікава.
 Я глядзеў, не зводзячы вачэй, на месячную сцяжынку, і рака поўнілася невядомымі пачварамі, якія, здавалася, вылазілі з глыбокіх цёмных віроў, мяняліся, раскрывалі зубастыя пашчы. Раптам штосьці слізкае і халоднае дакранулася да нагі. Ад нечаканасці я падскочыў і вопрамеццю выскачыў на бераг, кінуўшы шнур і ледзь не збіўшы з ног Валодзю, які ішоў насустрач.
 — Ты чаго скачаш як апараны? — выціраючы рукавом запырсканы твар, здзіўлена спытаў Валодзя.
 Я з палёгкай уздыхнуў і засмяяўся, сцепануўшы плячыма.
 — Ну і напалохаўся я! Заглядзеўся на ваду, а яна — як жывая, і вачэй ад яе адарваць не магу. I раптам бачу — ну вось як цябе — з-пад карча вылазіць вялізная гадзюка. Глядзіць, не міргаючы, халоднымі вачыма і плыве да мяне. Усё бліжэй і бліжэй... хачу ўцячы — і не магу! А потым штосьці халоднае і слізкае па назе папаўзло. Нават зараз мароз па скуры!
 — Добра, пойдзем да вогнішча! — засмяяўся Валодзя.
 Мы ляглі побач на разасланым кажушку. Спаць не хацелася. Час ад часу фыркалі коні. Я летуценна сказаў:
 — Заўтра нядзеля, 22 чэрвеня... Застаўся месяц і восем дзён, а там чамадан у рукі — і ў Бабруйск на цягнік, і праз чатыры дні ў Алапаеўску. Уральскія горы, тайга.., а праз чатыры гады — гэта значыць, у сорак пятым, вясной — дыплом тэхніка-геолага. Здорава, праўда? На Уральскіх гарах, ведаеш, усё-ўсё ёсць, я чытаў. Там такое можна знайсці, што нават і не прысніцца!
 — Пра што гэта ты? Які Алапаеўск? — здзівіўся Валодзя.
 — Што ж, раз прагаварыўся — скажу табе: я паслаў дакументы ў Алапаеўскі геолагаразведачны тэхнікум на геолага... паслаў заказным пісьмом... аўтабіяграфію напісаў. Ты пісаў калі-небудзь аўтабіяграфію?
Валодзя адмоўна пакруціў галавой.
— Значыць, не ведаеш, што гэта такое?
— А што тут ведаць? Бярэш паперу, ручку і пішаш...
 — Думаеш, так проста? Ага! Я колькі паперы папсаваў, пакуль выйшла! Гэта калі хто пражыў шмат, пісьменнікам там розным,— а мне што пісаць? Нарадзіўся 27 мая 1926 года, у 1933 годзе пайшоў у школу, у студзені 1941 года прыняты ў камсамол, а ў чэрвені скончыў восем класаў. I кропка — уся біяграфія.
— Ну дык і што, так і пішы!
 — Ага, пішы! Усё гэта займае ад сілы дзесяць радкоў, а ў правілах прыёму ў тэхнікум сказана, што аўтабіяграфія павінна быць на адным аркушы. Паспрабуй, напішы цэлы аркуш! Спрабаваў пісаць вялікімі літарамі, усё роўна мала, ды і непрыгожа. Даходжу да слоў: «...у сорак першым годзе скончыў восем класаў сярэдняй школы нумар адзін у гарадскім пасёлку Глуск» — і далей ні з месца! Калі б наша школа насіла імя народнага камісара абароны, першага маршала Клімента Яфрэмавіча Варашылава, дык гэта можна было б прыгожа, вялікімі літарамі напісаць аж на тры радкі! I так я раззлаваўся, што нават страшна стала! Што ж гэта атрымліваецца: выходзіць, з-за таго, што не магу адну-адзіную старонку сваёй уласнай біяграфіі напісаць, можна і ў тэхнікум не трапіць? I напісаў!
Валодзя недаверліва спытаў:
 — Як гэта: то ніяк не мог, а то раптам раз — і напісаў?
— Не верыш? Ну, тады слухай!
 Я сеў, глыбока ўздыхнуў і пачаў расказваць яму сваю аўтабіяграфію, так як напісаў.
 — Нарадзіўся 27 мая 1926 года ў старадаўнім беларускім мястэчку Прапойску. Прапойск стаіць на высокім правым беразе прыгожай ракі Сож, там, дзе ў яе ўпадае Проня. Мястэчка наша хоць і невялікае, але мае цікавую гісторыю. Яшчэ ў пятнаццатым стагоддзі рускі купец і падарожнік Афанасій Нікіцін, вяртаючыся з Індыі, спыняўся ў Прапойску. А недалёка ад Прапойска ёсць вёска Лясная, дзе рускія войскі пад камандаваннем цара Пятра разбілі ў 1708 годзе шведскія войскі генерала Лівенгаупта.
 Убачыўшы, што Валодзя ціхенька пасміхаецца, я насцярожана спытаўся:
—  Чаго гэта ты?
— Нічога. Ты і сапраўды так напісаў, як расказваеш?
— Так і напісаў. А чаму ты пытаеш?
 — Ты ж сваю біяграфію павінен напісаць, а не гісторыю Прапойска, разумееш? Нашто цара сюды прыплёў, можа ён сваяк твой?
— А што цар? — пакрыўдзіўся я.— Проста я прывёў гістарычны факт. Між іншым, цар Пётр I заснаваў у 1703 годзе Петраград!
 — Між іншым,— пакпіў Валодзя,— у 1703 годзе быў заснаваны не Петраград, а Пецярбург! Гістарычныя факты трэба падаваць правільна. А скажэнне іх ведаеш, як называецца — фальсіфікацыя! А за гэта...
 Убачыўшы, што я не на жарт засмуціўся, Валодзя супакоіў мяне:
 — Ды не перажывай ты так, я жартую. Наогул, у аўтабіяграфіях трэба, каб усё было сур'ёзна і пра сябе, а ў цябе... Хоць як паглядзець? Ну і што, што цар? — раптам рашуча заявіў Валодзя.— Вельмі нават правільна, што ты пра яго напісаў. Па-першае, цар Пётр быў прагрэсіўны цар, а па-другое, у Петраградзе Ленін Каст- рычніцкую рэвалюцыю здзейсніў!
Я супакоіўся і з запалам сказаў:
— Паехалі, Валодзя, разам, вось будзе здорава!
 — Не магу, сам ведаеш. Бацька хворы, не работнік, дома адна маці з малымі застанецца...
 Мы замоўклі, суцішыліся. Я падкінуў у агонь сухі корч, нарыхтаваны з вечара. Агонь прагна лізнуў дрэва, зыркае полымя ўскінулася, несучы ўгору рой вогаенных светлячкоў. Дзесьці побач плюхнулася буйная рыбіна. Валодзя прыўзняў галаву, прыслухаўся.
 — Хутка світаць пачне, рыба гуляе. Пайшлі, праверым перамёт.
 Мы спусціліся да ракі. Тоўстая галіна, да якой мы прывязалі перамёт, сагнулася да самай вады. Ухапіўшыся за канец шнура, я адчуў моцны штуршок.
— Валодзя, ёсць! Дальбог, ёсць!
— Ціха, не крычы, дай сюды!
 Перадаўшы Валодзю шнур, што аж вырываўся з рук, я раз-пораз нецярпліва зазіраў сябру ў твар. У рыбацкай справе ён для мяне быў бясспрэчным аўтарытэтам. Кожнае лета, ганяючы на начлег калгасных коней, ён лавіў рыбу. I даволі часта на кручок яму траплялі буйныя самы, язі. Бывала, што рыбіна, перакінутая цераз плячо, хвастом даставала да зямлі.
 Па Валодзевым твары я зразумеў, што трапілася вялікая рыбіна.
 — На, трымай, ды не ўпусці! — перадаючы мне шнур, папярэдзіў Валодзя.— Я перайду на той канец, яна дзесьці там...
 Калі прыўзнялі перамёт, срэбрам бліснуў буйны язь, адчайна ўзбіваючы хвастом фантан пырскаў. Я ўпершыню здымаў з кручка такую вялікую рыбіну.
—  Кіло пяць будзе, не меней!
 Валодзя паблажліва, як вопытны рыбак, узважыў на далоні язя, што разяўляў рот, хапаючы паветра, і ўдакладніў:
—  Пяць не пяць, а чатыры з гакам пацягне!
Рыбіну абгарнулі аерам і паклалі пад лазовы куст. Радасныя ад такой удачы, зноў паставілі перамёт. Валодзя паглядзеў на туман, што пачынаў збірацца па лагчынах, і шматабяцальна сказаў:
—  Як толькі пачне світаць, праверым яшчэ раз. Месца тут прыгожае, а на світанку добра клюе. Я летась на гэтым месцы здаравеннага сама на донку злавіў.
 Неба на ўсходзе пачало святлець. 3 ракі пацягнула холадам. Узбуджэнне прайшло, захацелася спаць. Я прыладзіўся быў задрамаць, але з цёмнага боку неба пачуўся незразумелы гук. Ён быў няроўны, дрыжачы, з нейкім злосным завываннем. Гук паступова нарастаў, набліжаўся, і неўзабаве можна было ўпэўнена сказаць, што гэта ляцяць самалёты, шмат самалётаў. Сну як і не было, мы пачалі ўзірацца ў цёмнае неба, спадзеючыся ўбачыць іх. Успомнілі знаёмых хлопцаў — выпускнікоў нашай школы, якія летась паступілі ў авіяцыйнае вучы-лішча.
—  Як думаеш, Валодзя, нашы ўжо лятаюць?
Валодзя няпэўна паціснуў плячыма і нічога не адказаў. Цяпер з неба неслася магутная хваля гукаў. Самалёты ляцелі на ўсход. Калі гул матораў стаў ледзьве чутны, у баку Бабруйска неба азарылася далёкімі сполахамі, а праз нейкі час данёсся і грукат выбухаў.
 Не бачачы ў гэтым нічога дрэннага, мы з павагай каменціравалі кожную серыю выбухаў:
 — Гэта тыя, што на мінулым тыдні лёталі днём! Цяпер адпрацоўваюць начяыя палёты...
— Не, гэта не тыя. У тых гук быў не такі!
 — Удзень у іх адзін гук, а ноччу другі. Ноччу ўсё іначай і бачыцца, і чуецца!
 — Сапраўдныя кідаюць, здорава бухаюць, вось бы паглядзець!..
—  Вядома, сапраўдныя! Іначай мішэнь не разаб'еш...
У тым баку, дзе чуліся выбухі, у небе раз-пораз успыхвалі незразумелыя агеньчыкі. Потым гук матораў зноў пачаў набліжацца. Цяпер самалёты ляцелі на рознай вышыні і не ўсе разам. Адзін праляцеў зусім нізка, і на фоне неба мы выразна яго ўбачылі. Ускочылі на ногі і з захапленнем глядзелі яму ўслед. I тут жа зверху пачуўся нейкі прарэзлівы гук, падобны на лямант кошкі, калі ёй прыціснуць хвост. Амаль адначасова за старымі могілкамі, дзе ўчора вечарам спыніўся цыганскі табар, пачуліся тры аглушальныя выбухі.
 У розных канцах мястэчка забрахалі сабакі, застукалі дзверы, пачуліся трывожныя галасы. Мы глядзелі туды, дзе толькі што раздаліся выбухі, яшчэ не ведаючы, што разам з гэтым грукатам скончылася наша дзя-цінства. I ўсё, што было да гэтай хвіліны, будзе цяпер называцца «да вайны».
Гэта — вайна
 23 чэрвеня 1941 года Глускі райваенкамат стаў цэнтрам, куды сцякаліся жыхары гарадскога пасёлка. Слова «вайна»—яшчэ такое нязвыклае—чулася з усіх бакоў. Праводзілі тых, хто ішоў па мабілізацыі. 3 першай групай ішоў на фронт і мой бацька.
 У дарослых былі суровыя твары. Іграў гармонік, з натхненнем спявалі «Если завтра война...». Мы, падлеткі, прыслухоўваліся да гаворкі дарослых і спрачаліся між сабой: праз тыдзень ці праз два разаб'юць фашыстаў. Вось толькі падыдуць да граніцы нашы галоўныя сілы.
 Мы верылі, што нашы бацькі, мноіія з якіх былі ўдзельнікамі грамадзянскай вайны, хутка дадуць рады нахабным фашыстам. Ды і не маглі мы разважаць іна-чай. Хіба ў кіно ашуквалі, калі паказвалі, які рашучы адпор дае Чырвоная Армія гітлераўцам?
 Па маіх падліках, бацька мой ужо ўступіў з імі ў бой, і не сёння — заўтра ўсе пачуюць, што ворага спынілі і пагналі назад. Але міналі дні, а радыё працягвала паведамляць пра цяжкія абарончыя баі; называліся ўсё новыя і новыя гарады, якіх не маглі ўтрымаць нашы воіны. Вось ужо пакінуты і Мінск...
У адзін з такіх дзён мама шэптам сказала мне:
 — Паведамілі з райкома, што днямі, калі фронт падыдзе да Глуска, нас на некалькі дзён вывезуць у лес. Трэба схаваць што-кольвечы з рэчаў. Хто ведае, колькі давядзецца прабыць там, а людзі ўсялякія ёсць, могуць расцягнуць...
Калі зусім сцямнела, мы выкапалі ў хляве неглыбокую яму, разаслалі цырату і склалі на яе свае найболып каштоўныя рэчы: ручную швейную машыну, зімовыя паліто бацькоў, старэнькі батарэйны радыёпрыёмнік і мой «Фотакор», коўдры і пасцельную бялізну.
 Яму я закідаў зямлёй, а зверху склаў дровы. Тады нам здавалася, што ўсё схавана надзейна. Але калі ў 1945 годзе мама вярнулася з эвакуацыі, яма была пустая. Адкапалі і забралі ўсе рэчы мясцовыя жыхары. Яны ж потым падказвалі маме, у каго трэба шукаць свой скарб. Неўзабаве частка рэчаў была вернута.
 Я сёння не асуджаю гэтых людзей. Тады, у сорак першым, прыйшоў «новы парадак», які рашуча заявіў, што з жыдамі і камуністамі скончана. I ў пацвярджэнне гэтага расстралялі ўсіх яўрэяў, што засталіся ў пасёлку. Дык чаму не ўзяць сабе рэчы аднаго з гэтых камуністаў?
 У канцы чэрвеня праз пасёлак прайшлі першыя бежанцы. На папутным транспарце, а болей пешшу, ішлі стомленыя, змардаваныя людзі, у асноўным жанчыны, на ўсход — далей ад гэтага жахлівага пекла. Многія неслі на руках дзяцей, што яшчэ не ўмелі хадзіць, а побач, трымаючыся за іх спадніцы, моўчкі, ні на што не скардзячыся, ішлі пяцігадовыя. Увесь скарб гэтых няшчасных умяшчаўся ў невялікіх хатулях за матчынымі спінамі.
 Вядома, мы тады не ведалі, што літаральна праз некалькі дзён і над Глускам навісне рэальная пагроза фашысцкай акупацыі. Разам з сябрамі мы капалі траншэі на выпадак налёту фашысцкіх самалётаў, дзяжурылі ў райкоме камсамола, выконвалі розныя даручэнні.
30 чэрвеня, як звычайна, прыйшоў у райком і ўбачыў, што туды заходзяць работнікі розных пасялковых устаноў і неўзабаве выходзяць са зброяй у руках. Спытаўся ў аднаго, другога, што адбываецца, але мне нічога не адказвалі або кідалі коратка: «Не твайго розуму справа!» Нарэшце, хтосьці растлумачыў: «Ствараецца знішчальны батальён для барацьбы з фашысцкімі дыверсантамі-парашутыстамі».
 «Знішчальны батальён!» — сугучча гэтых слоў хвалявала мяне, абяцаючы цікавыя прыгоды, рамантыку.
— А хто камандзір?
— Елісей Фёдаравіч Ціцішын, ведаеш такога?
— Той, што ў рэдакцыі працуе?
— Так, ён.
 Узбуджаны, я кінуўся ў будынак райкома, упэўнены, што мяне тут жа запішуць у знішчальны батальён і дадуць сапраўдную баявую вінтоўку-трохлінейку, макет якой быў у нашай школе. Але Елісей Фёдаравіч рашуча заявіў:
 — Гэта не гульня ў Чапаева, а вайна! Бяжы лепей дадому, памажы маці сабрацца. Будзем эвакуіраваць сем'і партыйна-савецкага актыву... і ўсіх жадаючых. Збор у тры гадзіны тут. Ідзі!
 Я разгубіўся — усе мае планы рухнулі — і стаяў, не ведаючы, што рабіць, ліхаманкава шукаючы выйсця. I толькі пачуўшы строгі голас Елісея Фёдаравіча: «Ты яшчэ тут?», моўчкі выйшаў з кабінета.
 Спыніўся на ганку, усё яшчэ на нешта спадзеючыся, зірнуў на шыльду «Райком камсамола» і рашуча пайшоў назад.
 — Таварыш камандзір! Для чаго мяне ў камсамол прымалі, каб драпаць пры першай небяспецы, так?
 Відаць, я сказаў гэта з такім запалам і рашучасцю, што Елісей Фёдаравіч са здзіўленнем паглядзеў на мяне, адарваўшыся ад кучы папак, над якімі працаваў.
 — Ты правільна думаеш, вядома, не для гэтага, але няма зброі, каб вопытным людзям выдаць. Бачыш, якая справа выходзіць! — і спачувальна развёў рукамі.
 Я не знайшоў, што сказаць, і пайшоў да выхаду, але ў гэты час у кабінет зайшоў рэдактар раённай газеты Дзмітрый Сямёнавіч Зайцаў. Я ціхенька адазваў яго ўбок і папрасіў дапамогі.
Дзмітрый Сямёнавіч супакоіў мяне:
 — Вось што, давай — адна нага тут, а другая дома! Памажы маці сабрацца і прыходзь, можа, што-небудзь прыдумаем!
 Усцешаны абяцаннем, я кінуўся бягом дадому, каб хутчэй вярнуцца. Па дарозе падумалася: «Няма зброі? А бацькава двухстволка — гэта не зброя? I патроны з карцеччу на ваўкоў — цэлы патранташ!»
Убачыўшы мяне, мама зарадавалася:
 — Добра, сынок, што прыйшоў, а я ўжо збіралася цябе шукаць! Памажы мне сабрацца ды глядзі, каб Ліда нікуды не збегла. Прыходзіў пасыльны з райкома, папярэдзіў, што сёння нас будуць вывозіць на некалькі дзён у лес, пакуль не адгоняць фашыстаў...
 Сястрычцы было пяць гадоў, і яна сапраўды магла сысці куды-небудзь у самы непадыходзячы момант. Але пільнаваць яе не ўваходзіла ў мае планы. I тады я схітраваў. Адазваў сястрычку ўбок і строга наказаў нікуды з дому не выходзіць, а за гэта паабяцаў дзве цукеркі, па якія зараз схаджу.
Задаволены сабой, маме сказаў:
 — Добра, мама, толькі занясу ў райком бацькаву стрэльбу — прасілі ўсіх здаць зброю.
I выбег з хаты.
 — Толькі не затрымлівайся, машына будзе праз паўгадзіны! — пачуў я апошнія матчыны словы, не падазраючы, што не ўбачымся мы з ёй доўгія трывожныя тры гады.
 Было крыху сорамна за падман—бо я ж не збіраўся варочацца. Мне так хацелася ўдзельнічаць у абясшкоджанні фашысцкіх дыверсантаў! На фронце мой бацька, Чырвоная Армія вось-вось пагоніць ворага назад, і можна не паспець прыняць удзел у барацьбе, на якую паўстаў увесь народ. Мама таксама сказала, што будуць вывозіць недалёка ў лес на некалькі дзён, пакуль фашыстаў не адгоняць. Дык ці варта з-за некалькіх дзён губляць такую магчымасць? Што ж я скажу бацьку, калі той вернецца?
 Такія думкі адольвалі мяне, і я літаральна дрыжаў ад хвалявання, калі бег з бацькавай двухстволкай у руках. Які далёкі я быў ад суровай праўды! Ды і ці толькі я — хлапчук?
 Убачыўшы мяне з двухстволкай у руках, з поўным патранташам на поясе, Е. Ф. Ціцішын сумна паківаў галавой, а потым махнуў рукой:
—  Добра, заставайся, ваяка!
 I вось я — баец знішчальнага батальёна. Ва ўяўленні — карціны гарачых баёў з фашыстамі, у якіх, вядома, мы заўсёды перамагаем. Але рэальнасць сталася значна больш празаічнай. Былі бясконцыя ночы ў засадзе на паляне, дзе чамусьці чакалася высадка фашысцкіх парашутыстаў.
 Дэсант фашысты выкінулі, але ў іншым месцы. I раніцою, вяртаючыся з чарговай безвыніковай засады, я з зайздрасцю і здзіўленнем разглядаў тры нябачаныя раней веласіпеды з маленькімі маторчыкамі. Гэта былі першыя трафеі, захопленыя пры ліквідацыі групы фашысцкіх парашутыстаў.
 Галоўным для ўсіх нас у тыя дні было пытанне: чаму нашы войскі працягваюць адступаць; хоць уступілі ў бой асноўныя нашы сілы, а вораг так імкліва захоплівае ўсё новыя нашы тэрыторыі і ўжо так далёка ад дзяржаўнай граніцы?
 Упершыню адказ на свае пытанні мы атрымалі з вы-ступлення па радыё I. В. Сталіна 3 ліпеня 1941 года. Слухалі яго, стаіўшы дыханне, баючыся прапусціць хоць слова,— гаварыў мудры правадыр і настаўнік! Калі да гэтага дадаць, што дзеянне адбывалася на рубяжы абароны вайсковай артылерыйскай часці недалёка ад Глуска, то будзе зразумелы наш настрой.
 Рухнулі надзеі на хуткае заканчэнне вайны і поўны разгром фашыстаў. I гэта прымусіла нас рашуча змяніць свае адносіны да ўсяго, што адбывалася.
 Мы бачылі рашучасць старэйшых таварышаў, яны не праяўлялі, прынамсі знешне, ніякай разгубленасці, і 15—16-гадовыя хлапчукі, учарашнія школьнікі, стараліся быць на іх падобнымі. 3 усёй непасрэднасцю юнацтва рваліся ў бой, зусім не ўяўляючы сапраўднай сілы, каварнасці і лютасці ворага.
 У другой палове ліпеня фашысты занялі Глуск, і наш знішчальны батальён перабазіраваўся ў суседні Акцябрскі раён, дзе вырашана было ўтварыць партызанскую базу.
 У тыя дні мяне пад выглядам пастушка, які шукае карову, што адбілася ад статка, некалькі разоў пасылалі ў разведку па навакольных вёсках і балыпаках.
 Аднойчы я выйшаў з пералеску на палявую дарогу і, бесклапотна збіваючы кіем мяцёлкі аўсюгу, нечакана наткнуўся на калону фашысцкіх аўтамашын і бронетранспарцёраў.
 Першая думка была — уцякаць! Але ногі быццам прыраслі да зямлі. Немец, апрануты у чорнае, пальцам падазваў мяне. Я, ледзь перастаўляючы ногі, пайшоў да яго. Сэрца гатова было выскачыць з грудзей.
 Немец, вывучаючы, глядзеў на мяне і маўчаў. Потым сказаў штосьці салдату, што стаяў побач. Той палез у бронетранспарцёр і вылез з шакаладкай у руцэ. Немец у чорным узяў шакаладку і працягнуў мне.
 Я глядзеў на яго, баючыся дакрануцца да гэтай рукі, і не верыў гэтаму страшнаму чалавеку, не — фашысту.
I раптам чую:
—  Мальтшык, ты есць узяць гэты шакалят і кушайт!
Я, усё яшчэ трасучыся ад страху, узяў шакаладку.
Немец паляпаў мяне па плячы і спытаў:
 — Этат дарога ўвесь такі? Там дольшан быць мост,— немец паказаў уздоўж дарогі.— Ён не спальён?
 Я сказаў, што ў тым баку не быў, што сам зусім з іншай вёскі і не ведаю, ці цэлы мост. Гаварыў, заікаючыся ад страху,— я ж упершыню вось так блізка, побач, бачыў жывых фашыстаў. Быў упэўнены, што яны ўжо разгадалі, хто я на самай справе, а шакаладка — гэта так, іх улюбёны прыём перад тым, як пачаць здзекавацца.
 Але, на маё неймавернае здзіўленне, немцы задаволіліся маімі адказамі і адпусцілі. Тым часам я апамятаўся, успомніў, чаго мяне паслалі, і, цяпер ужо наўмысна, выказваў страх, раз-пораз азіраўся. Салдаты смяяліся, паказваючы на мяне, штосьці гаварылі, а я рабіў выгляд, што гатовы вярнуцца да іх, а сам лічыў у калоне машыны, салдатаў, стараўся запомніць, колькі бачыў кулямётаў.
 Як на крылах бег я да сваіх, калі фашысцкая калона схавалася за паваротам дарогі.
 Дакладваючы аб выніках разведкі, я так і не змог тады прызнацца, як мне было страшна, баючыся, што сябры будуць смяяцца. Шмат пазней я зразумеў, што пачуццё страху — хоць аднойчы — адчуваў кожны, хто сустракаўся з небяспекай. Салдатамі станавіліся не раптам, не на вучэннях, прыняўшы прысягу.
 Аднойчы ў канцы ліпеня ў размяшчэнні нашага атрада з'явілася група ваенных і сярод іх — мой бацька ў форме палітрука з трыма кубікамі ў пятліцах і зоркамі на рукавах гімнасцёркі.
 Гэта было так нечакана і непраўдападобна, што я не мог паверыць, што гэта ява, а не сон. Аказалася, бацька прыбыў з умацаванага раёна, што знаходзіўся непадалёку ад чыгуначнай станцыі Пціч. Немцы паспрабавалі з ходу захапіць умацаваны раён, але былі адкінуты і абышлі яго з поўначы і поўдня.
 Камандаванню ўмацаванага раёна стала вядома, што ў яго зоне дзейнічае нейкае ўзброенае фарміраванне. Бацька быў накіраваны для сувязі з намі. Не ведаю, якія перагаворы ён вёў з камандаваннем знішчальнага батальёна, але, вяртаючыся, забраў мяне з сабой.
 Такое яго рашэнне вельмі мяне ўзрадавала, цяпер ужо я быў цвёрда ўпэўнены, што буду залічаны ў сапраўдную вайсковую часць і, вядома, буду прымаць удзел у баях.
 Але бацька, даўшы мне неабходныя дакументы, назаўтра ж, 3 жніўня, адправіў на станцыю Пціч у суправаджэнні чырвонаармейца (каб я не ўцёк на фронт), строга наказаўшы ехаць у Прапойск, куды паехалі мама і сястрычка.
 У той жа дзень я быў у Гомелі. Спусціўся да ракі на прыстань. Там ужо сабраўся натоўп, чакаючы парахода. Хтосьці сказаў, што немцы ўжо выйшлі да Сожа вышэй Гомеля і параходаў у Прапойск болей не будзе.
 Нібы пацвярджаючы гэта, раптам пачалі страляць зеніткі і аднекуль з боку сонца пачуўся добра вядомы ўжо гул нямецкіх самалётаў.
 Далейшае адбылося імгненна. Са страшным завываннем на прыстань спікіравалі нямецкія самалёты, пачуўся свіст бомбаў, аглушальныя выбухі, крыкі параненых. Не разбіраючы дарогі, людзі з жахам рынуліся хто куды, падалі, паўзлі, зноў ускоквалі.
 Калі самалёты паляцелі, людзі зноў пачалі збірацца разам. Тут я ўбачыў знаёмага работніка Глускага райкома партыі. На жаль, час сцёр у памяці яго прозвішча. Ад яго даведаўся, што ў Гомелі знаходзяцца сакратары ЦК КП(б)Б Мікалай Яфрэмавіч Аўхімовіч і Іван Пятровіч Тур. Яны сумесна з Гомельскім абкомам КП(б)Б займаюцца фарміраваннем спецыяльнага партыйна-камсамольскага падраздзялення.
 Чаму ён мне — хлапчуку — сказаў пра гэта? Справа ў тым, што я расказаў яму, як апынуўся ў Гомелі. Сказаў, што, калі сапраўды ў Прапойск парахода не будзе, пайду ў абком камсамола і буду прасіцца на фронт.
 Успамінаючы гэта, я хачу адзначыць той фанатычны патрыятызм сярод маіх равеснікаў, асабліва камсамольцаў. Дзесяткі тысяч падлеткаў уцякалі на фронт, іх вярталі, але яны рабілі спробы зноў, пранікалі ў вайсковыя эшалоны, наўмысна павялічвалі сабе гады дзеля адной мэты — апынуцца ў страі абаронцаў Радзімы.
 Я не ведаю, як бы паводзілі сябе падлеткі ў падобнай сітуацыі сёння. Хутчэй за ўсё, нічога такога не было б. Паспрабую растлумачыць, чаму так думаю.
 Сёння няма адзінай арганізацыі моладзі, падобнай на камсамол даваенных і ваенных гадоў. Сёння стала вядома жорсткая і страшная праўда пра многіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў, якім верылі, якіх любілі. Атрымалася, што заваёвы Кастрычніка — гэта падман. Рухнуў міф, у імя якога маё пакаленне ішло на смерць не задумваючыся. Настаў час духоўнай спустошанасці. Маё пакаленне свята верыла ў тое, што нам «ёсць што абараняць, ёсць каму абараняць і ёсць чым абараняць».
Хто з сённяшніх падлеткаў верыць у гэта?
 Назаўтра, 4 жніўня, я прыйшоў у Гомельскі абком камсамола. Там, як я зразумеў, было не да мяне. У прыёмнай я звярнуўся да хударлявага мужчыны ў ваеннай гімнасцёрцы, які стаяў за сталом. Выслухаўшы мяне, мужчына стомлена сказаў абыякавым, як мне падалося, голасам:
 — Вось давай і дабірайся да мамы ў Прапойск, пакуль гэта яшчэ магчыма!
 Такі адказ мяне кроўна пакрыўдзіў, і я рашуча расчыніў дзверы, на якіх паспеў прачытаць: «Першы сакратар Рудак Аркадзь Дзянісавіч». I проста з парога ўсхваляваным голасам выпаліў:
 — Ёсць пастанова ЦК ЛКСМБ лічыць камсамол Беларусі мабілізаваным на Айчынную вайну! Ці вы адмянілі гэтую пастанову?
 Аркадзь Дзянісавіч з цікаўнасцю слухаў мяне, не перабіваючы, а калі я замоўк, з усмешкаю спытаўся:
 — А цяпер спакойна скажы мне: хто ты, адкуль і чаго ты хочаш?
 Назаўтра ўвечары я ўжо быў сярод незнаёмых, але з гэтага часу родных мне па духу і мэце людзей. Нас сабралі ў цагляным будынку каля чыгуначнага вакзала.
 На стале, за якім сядзелі сакратары ЦК КП(б)Б Мікалай Яфрэмавіч Аўхімовіч, Іван Пятровіч Тур і сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б па кадрах Андрэй Авяр'янавіч Куцак, гарэлі дзве капцілкі, зробленыя са снарадных гільзаў.
 Абстаноўка была напружаная — немцы ўжо былі на блізкіх подступах да Гомеля. I вось, калі з-за стала ўстаў Аўхімовіч і пачаў гаварыць аб тым, што нас чакае і што мы павінны рабіць, адбылося непрадбачанае...
 У 1985 годзе ў гаворцы з Мікалаем Яфрэмавічам я ўспомніў той незабыўны вечар. Выйшла так, што і Мікалай Яфрэмавіч памятаў усё, што тады адбылося.
 Закончыўшы інфармацыю, Мікалай Яфрэмавіч спытаў, як звычайна:
—  Пытанні ёсць?
3 задніх радоў, з цемры пачуўся голас:
 — Ёсць пытанне! Што ж гэта атрымліваецца, на верную смерць нас пасылаеце, лічы, з голымі рукамі супраць такой сілы? Рэгулярная армія яго не можа спыніць, а мы тым болей, толькі дарэмна загінем. Ворага ніхто не спыніць, не пойдзем, ваюйце самі!
 Гэтыя словы прагучалі, як выбух. Усе на імгненне замерлі, потым галовы павярнуліся на голас і пачулася патрабаванне:
— Хто сказаў, выйдзі сюды!
3 цемры выступіў сярэдняга росту мужчына ў міліцэйскай форме і стаў каля стала. М. Я. Аўхімовіч спытаўся ў яго:
— Камуніст?
— Так...
— Партыйны білет на стол!
 Дрыжачымі рукамі ён пачаў расшпільваць кішэню гімнасцёркі...
 Тут дарэчы будзе невялікае адступленне. Сёння сышла з палітычнай арэны КПСС. Выяўлены многія таямніцы гэтай магутнейшай арганізацыі, якая поўнасцю трымала ў сваіх руках дзяржаўную ўладу. Таму пашырыліся агульныя негатыўныя адносіны да ўсіх, хто быў у шэрагах гэтай партыі. Робяцца спробы пераглядзець ацэнку ролі вайсковых фарміраванняў з ліку былых ваеннаслужачых, якія ваявалі на баку гітлераўскага вермахта, паліцэйскіх.
 Некаторыя аўтары з гэтай кагорты «пераацэншчыкаў» даходзяць да абсурду, спрабуючы адкрытага здрадніка і баязліўца падаць як ідэйнага змагара, героя, які паўстаў супраць злачыннай зграі Сталіна. А патрыятызм народа спрабуюць усяляк прынізіць, падаючы яго як вымушаныя дзеянні пад дуламі кулямётаў заградатрадаў НКУС. Робяць спробы паказаць партызанскі рух у чорным святле, ускласці на яго віну за гібель соцень тысяч мірных жыхароў ад рук карнікаў.
 У гэтым вось і заключаецца парадокс тых гадоў, што партыйная вярхушка, якая знішчыла мільёны партыйных і беспартыйных грамадзян у перадваенныя гады, здолела ў гады вайны даць магутны імпульс масаваму гераізму нашага народа.
 Вось чаму я і сёння, расказваючы пра тыя дні, ужываю такія рэзкія словы, як «трус» і «правакатар».
 I аднадушнасць, якая была выказана патрабаваннем «расстраляць здрадніка!», была шчырая, нікім не навязаная.
—  Здай зброю!
 На стол побач з партбілетам лёг наган. I тут памяшканне ўзарвалася гулам галасоў, якія паўтаралі адно:
—  Гэта нямецкі шпіён, расстраляць нягодніка!
Мікалай Яфрэмавіч жэстам рукі папрасіў прысутных супакоіцца, потым сказаў:
 — Мы перададзім яго туды, дзе ён працуе, каб там з ім разабраліся.
На досвітку мы выехалі на аўтамашынах у Мазыр.
 Прыбыўшы, размясціліся ў будынку педінстытута на высокім беразе Прыпяці. Тут атрымалі армейскае абмундзіраванне і зброю — цяжкія англійскія чатырохза-радныя вінтоўкі, якімі была ўзброена англійская армія ў першую сусветную вайну, і па дваццаць патронаў. Але ніхто не наракаў, што давядзецца ісці ў бой з такой зброяй. Усе мы былі добраахвотнікамі і свядома, па закліку сэрца ўступалі ў барацьбу з ворагам. Мы былі ўпэўнены, што зброю здабудзем у баі.
 Той жа ноччу мы ўзялі на сябе ахову моста цераз Прыпяць. Фашысцкія «Юнкерсы» ад усходу і да заходу сонца з нямецкай пунктуальнасцю рабілі налёты на мост. Самалёты, выстраіўшыся колам, па чарзе пікіравалі на мост, скідваючы па дзве бомбы.
 Першыя налёты болем аддаваліся ў сэрцы, здавалася, вось зараз гэтыя імкліва нарастаючыя з завываннем і свістам чорныя кропкі з грукатам і агнём абрынуць у ціхія воды Прыпяці пралёты моста. Але мінаў налёт за налётам, дзень за днём, фантаны чорнай, перамешанай з пяском і глеем вады ўздымаліся паабапал моста, а ён заставаўся цэлы. Зенітчыкі неяк ухітраліся, увесь час мяняючы пазіцыю, таксама заставацца цэлымі і перашкаджалі лётчыкам прыцэльна скідаць бомбы. Пакрысе мы больш аптымістычна пачалі глядзець на ўсё, што адбывалася вакол.
 У вольны ад нарадаў час, вечарамі, калі сціхаў грукат і неба зноў рабілася мірным, мы сядзелі на высокім беразе і слухалі, як пад гітару імправізаваў салёныя прыпеўкі пра Гітлера і яго зграю баец нашай роты Лёня Дзень-Добры. Сярод нас ён выдзяляўся неўтаймоўным гумарам, быў востры на язык, ад яго зыходзіў неўміручы аптымізм.
 Шмат гадоў я нічога не ведаў пра лёс гэтага байца. I толькі ў 1985 годзе, працуючы над рукапісам кнігі, мне трэба было сустрэцца з Аркадзем Дзянісавічам Рудаком. Мяне цікавіў далейшы лёс гэтага фарміравання, якое тады, як я памятаў, называлася «1-я камуністычная рота Беларусі». Аднак нідзе — ні ў архіўных матэрыялах, ні ў друку пра пачатковы перыяд партызанскіх і іншых фарміраванняў — я не знайшоў нават успаміну пра тое фарміраванне.
 Зусім нечакана для мяне Аркадзь Дзянісавіч, з якім мы размаўлялі па тэлефоне, параіў звярнуцца да былога байца роты... Леаніда Георгіевіча Дзень-Добрага. Дарэчы, толькі цяпер я даведаўся, што Дзень-Добры — гэта яго сапраўднае прозвішча, а не мянушка.
 Праз нейкі час прыехаў у Гомель на сустрэчу з Леанідам Георгіевічам. Так знайшоўся яшчэ адзін след у далёкі незабыўны тысяча дзевяцьсот сорак першы год.
 Леанід Георгіевіч пасля дэмабілізацыі з арміі і да выхаду на пенсію працаваў на «Гомсельмашы». У Гомелі жыве і зараз.