Як
паведамляе "К” начальнік аддзела культуры Глускага райвыканкама
Уладзімір Шулякоўскі, заснавальнікамі фестывалю сталі Магілёўскі
абласны і Глускі раённы выканкамы, а арганізатарамі — мясцовы аддзел
культуры і Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і
культурнаасветнай работы. У Глускім раёне, як вядома, больш за 30
сямейных творчых калектываў, якія займаюцца вакальным, харэаграфічным і
дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Пасля адборачнага тура ў "Сузор’і
талентаў” будзе браць удзел пяць сем’яў з Глускага раёна. А яшчэ —
прадстаўнікі Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай абласцей, Расіі і Украіны,
усяго — 240 чалавек. Ды плюс — шматлікія госці, якія за 20 гадоў
існавання фэсту пераканаліся ў ягонай унікальнасці.Па словах дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Алега Хмялькова, фестываль "Сузор’е талентаў” — адзін з сацыяльна-культурных праектаў, народжаных абласной метадычнай структурай. І рэалізацыя гэтага праекта стала надзвычай яркай старонкай адмысловага фестывальнага руху, якім заўжды славілася ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама.
Свята, якое будзе доўжыцца два дні, адкрыецца ля мясцовага РДК. Конкурсныя праграмы пройдуць у кінатэатры "Арыён” і ў Цэнтральным парку гарпасёлка. Гасцей, як і заўжды, чакаюць конкурсы спеваў, танцаў, нацыянальнай кухні, сямейнага абярэга. Ля летняй паркавай танцпляцоўкі будзе дзейнічаць традыцыйны "Глускі хутарок”, народныя майстры і супрацоўнікі мясцовага Дома рамёстваў прадставяць творы традыцыйнага беларускага мастацтва. Ну і, канешне ж, будзе і доўгачаканая рыбалка на хуткаплыннай Пцічы. Кожная сям’я-канкурсантка згатуе ўласную юшку і прапануе любому жадаючаму. Карацей, слухайце, глядзіце, частуйцеся — радуйцеся!





