Значны
пласт беларускай літаратуры ад яе зараджэння да нашага часу распрацавалі
пісьменнікі, якія нарадзіліся на Случчыне ці нейкі час жылі і працавалі ў нашым
краі. Калі зірнём у ХІХ стагоддзе, то сярод беларускіх пісьменнікаў, якія
пакінулі найбольш прыкметны след у літаратуры, нельга не заўважыць каларытную,
цікавую асобу Альгерда Абуховіча. Нарадзіўся ён 6 жніўня 1840 года ў маёнтку
Калацічы Бабруйскага павета (цяпер Глускі раён) у памешчыцкай сям’і Рышарда і
Караліны Абуховічаў, якія былі звязаны сваяцтвам з італьянскім арыстакратычным
родам Бандзінелі. Адсюль – і псеўданім, якім пісьменнік падпісваў свае творы:
Граф Бандзінелі.
З
дванаццаці гадоў Альгерд вучыўся ў Слуцкай гімназіі, але яе не закончыў, бо
бацькі адправілі яго працягваць вучобу ў Жэневу, а потым – у Парыж. За час
замежнага жыцця юнак авалодаў англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай,
італьянскай мовамі. З-за мяжы Альгерд Абуховіч вярнуўся ў сувязі з паўстаннем
Кастуся Каліноўскага (1863 – 1864 гады). Верагодней за ўсё, што ён прымаў удзел
у паўстанцкім руху, але наўрад ці можна сцвярджаць, як хто-ніхто гэта робіць,
што пасля разгрому паўстання Абуховіч быў сасланы ў Сібір. Даследчык жыцця
і творчасці пісьменніка краязнавец Рыгор
Родчанка ў свой час у гістарычным архіве БССР вывучаў дакументы аб удзельніках
паўстання па Слуцкаму, Ігуменскаму, Бабруйскаму паветах і нічога не знайшоў пра
Альгерда Абуховіча. Магчыма, гэтыя дакументы, калі яны ёсць, яшчэ чакаюць сваіх
даследчыкаў.
Дарэчы, не да канца вывучана і
творчая спадчына Альгерда Абуховіча, які прыкладна з канца 1883 года – пачатку
1884 года жыў у Слуцку. Сюды А. Абуховіч пераехаў пасля таго, як сваякі
прыгразілі аб’явіць яго вар’ятам за тое, што ён збіраўся аддаць свае маёнткі
сялянам. У Слуцку ён кватараваў у доме на вуліцы Іванаўскай (цяпер Розы
Люксембург), займаўся літаратурнай працай, сродкі на пражыццё зарабляў хатнім
настаўнікам, рэпетытарам па замежных мовах у сем’ях багатых гараджан. Альгерд
Абуховіч памёр у 1898 годзе (пахаваны на гарадскіх могілках на вуліцы 14-ці
Партызан), адной з вуліц Слуцка ў мікрараёне Навадворцы прысвоена яго імя. Няма
пакуль што сведчанняў пра тое, што хоць якія-небудзь творы пісьменніка былі
апублікаваны пры яго жыцці. І гэта пры сцвярджэнні Максіма Гарэцкага аб тым,
што А. Абуховіч «пісаў па-беларуску многа». Няма падстаў не верыць і Максіму
Багдановічу, які ў 1915 годзе ў артыкуле «Белорусское возрождение» пісаў:
«Ольгерд Обухович, живший в Слуцке и
оставивший, кроме массы оригинальных стихотворений, переводы из Мицкевича, Сырокомли,
Лермонтова». А былі ж яшчэ пераклады
твораў Гёте, Петраркі, Шылера, Байрана, Пушкіна, Крылова і іншых паэтаў. То дзе
ж яны падзеліся, як і «масса оригинальных стихотворений»?
Пытанне, на жаль, застаецца
без адказу. Тым большую каштоўнасць мае для нас кніга А. Абуховіча «Творы»,
якую ў 1991 годзе выпусціла ў свет выдавецтва «Мастацкая літаратура». Укладанне
кнігі зрабіў Рыгор Родчанка, ён жа – аўтар прадмовы і каментарыяў. У кнігу
ўвайшлі верш «Дума а Каралю ХІІ», байкі «Ваўкалак», «Старшына», «Суд», «Воўк і
лісіца», раздзел «З папераў Альгерда Абуховіча», успаміны Тодара Кулешы (Язэпа
Дылы) «Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч», метрычны выпіс аб нараджэнні
Альгерда Абуховіча.
Як бачым, у кнігу ўвайшла
толькі невялікая частка творчай спадчыны Альгерда Абуховіча. Але ж і яна
сведчыць, што ў другой палове ХІХ стагоддзя ў Слуцку жыў выдатны байкапісец,
адзін з пачынальнікаў жанру байкі ў беларускай літаратуры. Высока ацэнены і яго
мемуары (раздзел «З папераў Альгерда Абуховіча») у кнізе «История белорусской
дооктябрьской литературы»: «Строго документальные мемуары Обуховича явились
новым жанром белорусской литературы. Они свидетельствуют о значительном интеллекте
автора, о его глубоких связях с общеевропейской культурой. Это ценный
исторический документ и одновременно художественное произведение, написанное
ярким языком». Калі хочаце пераканацца ў гэтым – зборнік твораў Альгерда
Абуховіча ёсць у раённай цэнтральнай бібіятэцы, калі ласка, пачытайце.
Да ацэнкі Альгерда Абуховіча
як выдатнага байкапісца і мемуарыста я дадаў бы яшчэ яго характарыстыку як
смелага захавальніка і папулярызатара беларускай мовы. Чаму смелага? А вы
ўспомніце, што пасля разгрому паўстання 1863 – 1864 гадоў былі сфармуляваны
задачы і распрацаваны канкрэтныя меры па русіфікацыі насельніцтва
Паўночна-Заходняга краю. І школьны настаўнік, і праваслаўны святар, і дзяржаўны
чыноўнік, і афіцыйная газета настойліва і паслядоўна даказвалі беларусам, што
яны – рускія, толькі «сапсаваныя» польска-каталіцкім уплывам, што ім як мага
хутчэй трэба пазбавіцца ад сваёй «мужыцкай», «хамскай» мовы і зліцца з
велікарусамі. Выкарыстанне беларускай мовы не дапускалася ні ў школе, ні ў
дзяржаўных установах, ні ў друку (акрамя этнаграфічных публікацый).
І ў гэтыя змрочныя для
беларушчыны часы ў Слуцку жыў чалавек, які размаўляў і пісаў на беларускай
мове! Ураджэнец Слуцка Язэп Дыла ўспамінаў, як да яго бацькоў у 1893 ці 1894
годзе зайшоў у госці Альгерд Абуховіч і чытаў вершы на беларускай мове: «Я
сядзеў і слухаў, як зачараваны, бо ўпершыню з вуснаў пана, хаця і ў паношанай
вопратцы, прытым ад чалавека ўжо са срэбрам у валасах чуў «дзіва» – мілагучныя
вершы на той мове, якой я, жывучы да дзевяці гадоў у сям’і дзеда і бабкі,
карыстаўся, якую я лічыў прыгожай і якую я ў гімназіі бараніў перад сваімі
аднакласнікамі, што яе ганілі і высмейвалі. Пісьменнік у маіх вачах цяпер
паўставаў як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова».
Па вызначэнні літаратуразнаўца
Адама Мальдзіса, Альгерд Абуховіч пісаў «яркай, сакавітай» мовай. А вось Францішак
Багушэвіч у свой час заўважыў, што ў вершах А. Абуховіча «не ўсюды бываюць
уласцівыя беларускай мове акцэнты». На гэты папрок Альгерд Абуховіч адказаў,
што ў Беларусі ёсць нямала дыялектаў і паміж Магілёвам, Мазыром і Гродна бывае
вялікая розніца не толькі ў акцэнтах, але і ёсць многа цікавых правінцыялізмаў.
«Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб выказаць, што я хачу, каб пачулі мысль маю і
каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства
(распаўсюджанне. – А.Ж.). І дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы
словы і звароты агульнабеларускія…». Вось гэтым – «каб пачулі мысль маю» –
можна, на мой погляд, у многім патлумачыць творчыя імкненні Альгерда Абуховіча.

Фотарэпрадукцыя партрэта А. Абуховіча
работы мастака Міхаіла Веціка

На вуліцы Абуховіча ў Слуцку
Анатолій ЖУК.
«Слуцкий край» 10.08.2010
http://s-k.by/ru/numbers?art_id=1722